УТРЭ́ХЦКІ МІР 1713,
агульная назва шэрагу двухбаковых мірных дагавораў, якія разам з Раштацкім мірам 1714 завяршылі ў Еўропе вайну за іспанскую спадчыну. Падпісаны ў г. Утрэхт (Нідэрланды) у ходзе міжнар. кангрэса: 11 крас. — паміж Францыяй і яе праціўнікамі (Вялікабрытанія, Галандыя, Прусія, Савоя, Партугалія), 13 ліп. — паміж Іспаніяй і Вялікабрытаніяй, Іспаніяй і Савояй (пазней адпаведна 26.6.1714 і 6.2.1715 паміж Іспаніяй і Галандыяй, Іспаніяй і Партугаліяй). За Філіпам V Бурбонам прызнана права на Іспанію і яе заакіянскія ўладанні, пры ўмове адрачэння яго і яго нашчадкаў ад правоў на франц. карону. Іспанія страціла ўладу над Сіцыліяй, Манферата, ч. Міланскага герцагства (на карысць Савоі), ч. Верхняга Гелдэрна і інш. землямі (на карысць Прусіі). Францыя прызнала тытул «караля прускага» за курфюрстам Брандэнбурга. Найб. выгадныя ўмовы міру былі для Вялікабрытаніі, пад уладу якой ад Іспаніі перайшлі Гібралтар і порт Маон (в-аў Менорка), а ад Францыі — шэраг уладанняў у Паўн. Амерыцы (землі вакол Гудзонава заліва, в-аў Ньюфаўндленд і інш.). У.м. спрыяў зацвярджэнню гандл. і калан. панавання Вялікабрытаніі.
т. 16, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)